“Book Descriptions: Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі. Яе проза нязменна выклікае ў мяне ўсцешлівае адчуванне сваёй прысутнасці побач з аўтаркай - і тады, калі яна выпраўляецца ў дарогу па родным Падляшшы ці па беларускіх вёсках па той бок мяжы, і тады, калі кіруецца па Прыпяці па Нобель, і тады, калі падарожнічае ў прасторы і часе па абодва бакі Белавежскай пушчы. Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў: ад старой Дамінкі з Кутлоўкі, якую адкалыхалі з мёртвых яшчэ на трыццаць гадоў жыцця, і знакамітай сям'і Елянецкіх з Камянеччыны да ацалелых удзельнікаў трагедыі ў Залешанах і нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша, які меў ганаровае званне Прыяцеля Белавежскай пушчы і быў прыяцелем усіх беларусаў. Дзве часткі нашай адвечнае пушчы перагукаюцца тут ранішнім рэхам і спавіваюцца вечаровым туманам, робячыся метафізічнымі суаўтаркамі Ганны ў яе аповедзе пра неспасцігальную таямніцу жыцця. (Уладзімір Арлоў)” DRIVE