“Book Descriptions: Гэтая кніга – успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцьця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменьнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадзка-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах. В. Быкаў прапануе досьвед культурнага дзеяча, знакамітага пісьменьніка, выказвае думкі адносна будучага разьвіцьця краіны.
Кароткае прадмоўе
Перш за ўсё хачу папярэдзіць чытача, што гэтая кніга – твор вельмі інтымны, суб’ектыўны, аднабаковы, якім зрэшты, ці не заўжды зьяўляецца мэмуар, успамін, сьведчаньне. Думаецца, у тым ягоная сіла, але адначасна і слабасьць, падстава для прэтэнзіяў і нязгоды. У сваё апраўданьне магу толькі сказаць, што ня меў жаданага намеру каго-небудзь абразіць, што-колечы скрывіць ці знарок падаць у неадэкватным сьвятле.
Бальшыня названых у творы пэрсонаў прыведзеная пад іхнымі сапраўднымі імёнамі. Хіба ў асобных выпадках імёны зьмененыя – зь меркаваньняў павагі да годнасьці тых пэрсонаў ды і ў інтарэсах аўтара. Наколькі тое магчыма, аўтар імкнуўся прытрымлівацца храналёгіі, хаця тое не заўжды ўдалося. Асабліва там, дзе падзеі адбываліся паралельна або выпадалі з пэўнага лягічнага ланцугу.
Выбачаюся перад тымі, каго не ўпамянуў тут, пра каго напісаў мала ці тым болей ня так, як яны заслугоўваюць. Перад тымі, каго засмуціў названымі фактамі або празьмернымі азначэньнямі. Знарок нікога не хацеў пакрыўдзіць.